ФРА́НЦЫІ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БІБЛІЯТЭ́КА (Bibliothéque Nationale de France, BNF) у Парыжы, адна з найбуйнейшых бібліятэк у Еўропе. Засн. ў 1368 як каралеўская на аснове калекцыі манускрыптаў Карла V, размяшчалася ў Луўры. У 1544 перавезена ў г. Фантэнбло, паміж 1567 і 1593 — зноў у Парыж. У 1622 створаны першы каталог фондаў б-кі. З 1692 даступная для грамадскасці. У 1721 перавезена ў Палац Мазарыні. У 1795 абвешчана Канвентам Нацыянальнай. З 1994 сучасная назва. У фондах б-кі больш за 13 млн. кніг, 350 тыс. найменняў перыяд. выданняў, каля 180 тыс. манускрыптаў, каля 15 млн. эстампаў і фатаграфій, 1 млн. гука- і відэазапісаў, мультымедыйных матэрыялаў, калекцыі манет і медалёў, карт і планаў і інш. Ажыццяўляе н.-д. працу ў галіне бібліятэказнаўства і бібліяграфіі, выдае друк. і аўтаматызаваныя бібліягр.-каталогавыя матэрыялы (Франц. нац. бібліяграфія, Гал. каталог Нац. б-кі Францыі «BN-OPALE Plus»), праводзіць міжбібліятэчны і міжнар. кнігаабмен, арганізуе міжнар. і рэгіянальныя форумы, канферэнцыі і сімпозіумы, культ.-асв. лекцыі і семінары, навуч. праграмы.

Літ.:

Bibliothéque Nationale de France. Paris, 1998.

т. 16, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)